У Беларусі не выдадзеныя падручнікі па прадметах «Грамадазнаўства» і «Чарчэнне», што ўведзены ў курс сярэдняй школы сёлета.
Пра гэта паведаміў 25 жніўня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак.
У адпаведнасці з дэкрэтам прэзідэнта№ 15 ад 17 ліпеня 2008 года «Аб некаторых пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі»,
вучні IX класса будуць вывучаць чарчэнне, а вучні IX—XI класаў — грамадазнаўства замест навучальнага курса «Чалавек. Грамадства. Дзяржава», які вывучаўся ў VII—XII класах.
Паводле слоў дырэктара выдавецтва «Народная асвета» Ларысы Мінько, для падручніка па грамадазнаўстве аўтарамі матэрыял падрыхтаваны. Падручнік па гэтым прадмеце для IX класа будзе выданы да 2009/2010 навучальнага года. Рукапіс падручніка па чарчэнні таксама падрыхтаваны. Калі падручнік будзе надрукаваны, прадстаўнікі кнігавыдаўцоў і Міністэрства інфармацыі адказаць не здолелі.
І.Лапцёнак зазначыў, што раней чарчэнне вывучалі ў сярэдняй школе, і «база для стварэння падручніка засталася, тут няма ніякіх праблем». Пры гэтым ён падкрэсліў, што выказвае толькі сваё меркаванне: «Я не магу адказваць за Міністэрства адукацыі, аднак мяркую, што
калі паскрэбсці па засеках,у школьных бібліятэках можна знайсці падручнікі, выданыя 10‑15 гадоў таму, якімі зусім не карысталіся. Знойдуцца там і падручнікі па чарчэнні».