На Еўрабачанні перамог партугалец Сальвадор Сабрал, хворы на парок сэрца. Гэта стала ясна задоўга да сканчэння падліку галасоў, такі вялікі быў адрыў.
Сабрал скарыў Еўропу магічнай і шчымлівай баладай. Ён спяваў па-партугальску. Песню напісала ягоная родная сястра. У ёй ёсць і энергетыка, і сардэчнасць. «Музыка — гэта не пра шоу, не пра феерверкі, музыка — гэта пра пачуцці, вось што я хацеў сказаць», — прамовіў пераможца са сцэны, калі яму ўручылі прыз.
На фінальнае выкананне песні Сабрал выйшаў з сястрой, і яны чароўна заспявалі песню разам.
За яго прагаласавалі і журы, і гледачы абсалютнай большасці краін.
Другое месца заняў 17-гадовы спявак з Балгарыі. На трэцім — жартаўлівы хіт з Малдовы.
Што датычыць Navi, то 12 балаў нашым паставілі журы Украіны і Азербайджана. Агулам прафесійныя журы краін Еўропы далі нашаму гурту 50 балаў, а вось гледачы — толькі 33 балы.
У цэлым Navi занялі 17-е месца з 26 у фінале Еўрабачання. Гэта адзін з самых удалых выступаў у гісторыі ўдзелу Беларусі ў конкурсе.
Чытайце таксама: Хто прагаласаваў за Navi — спіс сяброў Беларусі
З кур'ёзаў: падчас выступу Джамалы на сцэну выскачыў мужчына і паказаў голы зад.
Але гэта не сапсавала агульнай атмасферы свята, якая панавала ў Кіеве. Украіна хацела паказаць сябе адкрытай, еўрапейскай, талерантнай краінай, і ёй гэта ўдалося.
Партугалія ўдзельнічае ў Еўрабачанні 53 гады запар без адзінага пропуску. І за гэты час ні разу не выйгравала конкурсу. Больш за тое, ніводзін партугальскі артыст ні разу нават не трапляў у пяцёрку найлепшых! І вось — шчыры і натуральны спявак скарыў слухачоў у самых розных краінах.