Зь Менску
Калісь у Менску ў нас езьдзілі па горадзе «батлейкі», і менчукі любілі паслухаць беларускі народны тэатрык. У Англіі такую адвечную старыну ўсе б падтрымлівалі, але ў нас забаранілі саўсім батлейкам езьдзіць па горадзе. Нядаўна памёр стары мяшчанін, як бы стараста батлейшчыкаў, і батлейка, што вялася ў Менску сотні гадоў, загінула. Добра было б, каб наша моладзь і вучні ізноў завялі гэты народны тэатар.
Мікола Камароўскі
Зубрыцкая воласьць, Гродз. губ., Сакольск. пав. Кажуць, народ дзічэе; яно-такі і праўда. Даўней, як старыя людзі казалі, убіўства прылучалося адно на 30 гадоў, а сёлета вось у нашай воласьці ўжо было 4 убіўствы.
Г.Воран
Ад Рэдакцыі
Выпускаем ужо 52-гі нумар «Нашай Нівы», а ад пачатку газэты 173-ці. За ўвесь гэты час мы расьсеялі па нашым краю каля паўмільёна газэцін. Беларускае народнае поле, дагэтуль глухое, адазвалася; насеньне ня згінула і расьце, і з кожным годам гусьцее наша ніва. Рэдакцыя з спакойным сумленьнем уступае ў 1911 г.
«НН», №52, 23 сьнежня 1910