Беларускія вытворцы сельскагаспадарчых машын патрабуюць выкананьня гаспадаркамі правілаў эксплюатацыі тэхнікі. Як адзначыў 3 чэрвеня на брыфінгу намесьнік галоўнага канструктара ААТ «Амкадор» Вячаслаў Сямашка, няправільнае абслугоўваньне й несвоечасовы рамонт выклікаюць паломкі, якія пасьля сьпісваюць на недапрацоўкі прадпрыемства‑вытворцы.
«Стаўленьне да імпартнай і айчыннай тэхнікі нераўназначнае ў спэцыялістаў гаспадарак. На дарагіх імпартных пагрузчыках працуюць высокакваліфікаваныя працаўнікі, машыны ўтрымліваюцца ў ідэальным парадку, вытрымліваюцца ўсе ўмовы эксплюатацыі, для іх спэцыяльна закупаюцца алівы зь фільтрамі, а беларускія пагрузчыкі часам нават не праходзяць вытворчую прамыўку», — сказаў Вячаслаў Сямашка.
Адной з прычын няўмелага абслугоўваньня прадстаўнік «Амкадора» назваў недахоп кваліфікаваных кадраў на сяле. У прафтэхвучэльнях у асноўным навучаюць на ўжо састарэлай тэхніцы, якая мала прымяняецца на сельскагаспадарчых працах.