Па сярэднім заробку Беларусь займае ў Еўропе трэцяе месца з канца, ён меншы толькі ва Украіне і Малдове.
350 еўра «бруднымі» – тое, што магла прапанаваць беларуская эканоміка ў кастрычніку.
З адваротнага боку рэйтынгу Швейцарыя і Нарвегія. У скандынаўскай краіне сярэдні заробак амаль дасягае 4500 еўра. Гэта ў 12 разоў больш, чым у Беларусі!
Вядома ж, цэны таксама не ў прыклад беларускім. Касмічныя цэны на тавары і асабліва на паслугі ў Нарвегіі – не міф. Але ці захоўваецца тая самая прапорцыя – 12:1 – у цэнах?
Для параўнання мы перапісалі цэны ў адной з крамаў нарвежскай сеткі «Ківі». Пад такім брэндам працуе больш за 500 супермаркетаў. «Ківі» лічыцца адной з самых танных сетак, у Беларусі яе адпаведнікам можна назваць «Еўраопт».
Тыповая крама «Ківі» ў Лілехамеры – мястэчку на 25 тысяч чалавек, якое праславілася зімовай Алімпіядай.
Такім чынам, на колькі нарвежскія прадукты даражэйшыя?
Прадукт | Цана ў Нарвегіі | Цана ў Беларусі | Розніца |
Рыс, 1 кг | 16 500 | 9900 | 1,7 разу |
Спагеці, 1 кг | 19 100 | 9300 | 2,1 разу |
Яйкі, 10 шт | 65 800 | 15 900 | 4,1 разу |
Малако, 1 л | 25 300 | 7500 | 3,4 разу |
Курынае філе, 1 кг | 220 400 | 62 000 | 3,6 разу |
Бананы, 1 кг | 35 100 | 16 900 | 2,1 разу |
Вінаград, 1 кг | 72 500 | 44 900 | 1,6 разу |
Яблыкі, 1 кг | 62 100 | 14 300 | 4,3 разу |
Ліптан, 25 пакецікаў | 51 000 | 23 900 | 2,1 разу |
Нэскафэ Gold, 95 г | 102 900 | 66 000 | 1,6 разу |
Яблычны сок, 2 л | 27 000 | 23 500 | 1,1 разу |
З адвольна ўзятага спісу няма ніводнага тавару, які б у Нарвегіі быў таннейшым. Амаль зраўняўся па цане беларускі і скандынаўскі нектар. Невялікая розніца і ў крупах. Гэтыя тавары прадаваліся ў Нарвегіі па акцыі «першая цана». Калі дачакацца зніжак на іншыя тавары, можна харчавацца даволі танна.
Бляшанка кашачых кансерваў па «Першай цане» каштуе роўна 10 тысяч рублёў (1 нарвежская крона — 2129 беларускіх рублёў). Паліцы абсталяваныя электроннымі цэннікамі. Да Беларусі гэтае ноу-хау толькі дабіраецца.
Найбольшая розніца ў цэнах на мясную і малочную прамысловасць. У Нарвегіі, як і ў большасці краін Еўропы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы не маюць датацый ад ураду. Але нават на іх прадукцыю розніца цаны не перавышае 5 разоў, тады як розніца заробкаў – 12 разоў…
Піва прадаецца ў дробных бляшанках, па 0,33 л. Каштуе каля 21 тысячы рублёў.
Пры гэтым нават у дарагіх краінах можна знайсці тавары, якія за кошт кліматычных умоваў і асаблівасцяў рынку становяцца звышдаступнымі. Напрыклад, у рыбнай Нарвегіі замарожаныя крэветкі можна набыць усяго за 95 тысяч рублёў за кілаграм.