На гэтым тыдні ў Беларусі чакаецца ўмерана цёплае, але няўстойлівае надвор'е, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў у ходзе відэабрыфінгу 18 жніўня. 

«Тыдзень пройдзе пад знакам атмасферных франтоў з Заходняй Еўропы, таму без дажджоў не абыдзецца. У першай палове тыдня месцамі прашумяць кароткачасовыя навальнічныя дажджы», — сказаў ён. 

У аўторак мінімальная тэмпература паветра ноччу складзе 10—16°С, максімальная днём 20—25°С, па паўднёвым усходзе да 27°С. У сераду ноччу чакаецца 10—16°С, днём 19—25°С, па паўднёвым усходзе да 28°С.

Самы непагодлівы дзень чакаецца ў чацвер, калі надвор'е будзе абумоўлена актыўным атмасферным фронтам.

На большай частцы тэрыторыі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах навальніцы, месцамі моцныя ліўні. Пры навальніцах шквалістае ўзмацненне ветру з парывамі да 15—20 м/с. Мінімальная тэмпература паветра ноччу 9—16°С, максімальная днём 19—25°С; па паўднёвым усходзе ноччу 17—18°С, днём 27—29°С.

У пятніцу ноччу на большай частцы тэрыторыі захаваюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы, але днём — з адходам атмасфернага фронту і ростам атмасфернага ціску — яны спыняцца на большай частцы краіны, за выключэннем усходніх раёнаў. Тэмпература паветра мінімальная ноччу 8—15°С, максімальная днём 18—24°С.

У суботу чакаецца пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай месцамі туман. Тэмпература паветра ноччу 7—13°С, днём 20—26°С.

У нядзелю дажджы адновяцца і ноччу пройдуць па захадзе краіны, а днём на большай частцы тэрыторыі, у асобных раёнах навальніцы. Тэмпература паветра мінімальная ноччу 7—13°С, максімальная днём 19—25°С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?