Арнольд Мэры |
Пракуратура Паўднёвай акругі Эстоніі накіравала ў суд справу ў суд на мінулым тыдні. Мэры вінавацяць у падрыхтоўцы дэпартацыі жыхароў вострава Хійумаа ў сакавіку 1949 г.
Пракуратура зазначае, што 25 сакавіка 1949 г. на востраве Хійумаа савецкія ўлады затрымалі 251 мірнага жыхара. На наступную раніцу іх накіравалі ў порт Палдыскі, а адтуль – на прымусовае пажыцьцёвае высяленьне ў Сібір.
Паводле зьвестак пракуратуры, з 25 па 27 сакавіка 1949 г. з Эстоніі былі высланыя 20 702 чалавекі. Каля 3 тыс. затым загінулі ў Сібіры.
Арнольд Мэры ў той год быў чальцом ЦК эстонскай кампартыі і сакратаром ЦК Камсамолу рэспублікі.
Сам ён не адмаўляе, што ў 1949 г. быў накіраваны на Хійумаа па заданьні камсамольскай арганізацыі, каб кантраляваць працэс перасяленьня.
Пажыцьцёвае зьняволеньне?
Аднак вінаватым Арнольд Мэры сябе ня лічыць. Ён сьцьвярджае, што не ўдзельнічаў ў падрыхтоўцы дэпартацыі, а толькі правяраў сьпісы людзей, якія падлягалі перасяленьню.
Калі абвінавачаньню ўдасца даказаць, што Мэры кіраваў і кантраляваў правядзеньне дэпартацыі на востраве Хійумаа", яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Арнольд Мэры ў 1941 г. стаў першым эстонцем, які атрымаў званьне Героя Савецкага Саюзу. Ён удзельнічаў ў баях у Пскоўскай вобласьці і быў чатыры разы паранены, але не пакінуў поля бою.
У 1951 г. партыйнае кіраўніцтва атрымала данос на Мэры і палічыла, што ён недастаткова актыўна ўдзельнічаў у дэпартацыі на Хійумаа. У выніку яго выключылі з партыі і пазбавілі ўзнагарод.
Праз пяць гадоў яго аднавілі ў партыі і вярнулі ўзнагароды.
Зараз стрыечны брат першага прэзыдэнта Эстоніі Ленарта Мэры кіруе Антыфашысцкім камітэтам краіны.