Беларускі мікрабіёляг Ігар Лукашэвіч, гадаванец Інстытуту мікрабіялёгіі і эпідэміялёгіі ў Менску, узначальвае групу навукоўцаў ва ўнівэрсытэце Мэрылэнду (ЗША), якая стварыла вакцыну супраць трасцы Ласа. Якога-небудзь эфэктыўнага сродку супраць сьмяротна небясьпечнай хваробы дагэтуль не існавала.

Ад трасцы Ласа штогод памірала трыста тысяч чалавек, найбольш у Афрыцы. Як і ўзбуджальнікі вугліка, воспы, трасцы Эбала штам Ласа можа выкарыстоўвацца як біялягічная зброя. Гэтым тлумачыцца асаблівая ўвага навукоўцаў да яго.

Гэтая хвароба праяўляецца як гарачка, цягнецца некалькі тыдняў і руйнуе ўсе ўнутраныя органы цела. Як і вірусы Эбала ці SARS, Ласа распаўсюджваецца праз паветра. Дагэтуль эфэктыўнай вакцыны супраць Ласа не існавала.

Мікрабіёляг Ігар Лукашэвіч пачаў вывучаць захворваньне больш за 10 год таму, яшчэ ў Менску, падчас працы ў адной зь лябараторыяў навукова-дасьледчага інстытуту мікрабіялёгіі і эпідэміялёгіі. Выезд Лукашэвіча за мяжу меў выключна навуковую матывацыю. Праца зь вірусамі, стварэньне складанай якаснай вакцыны, у тым ліку і супраць грыпу, патрабуе адпаведных умоваў і велізарных фінансавых укладаньняў. Такой базы ў Беларусі сёньня няма.

У Інстытуце вірусалёгіі Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту Ігару Лукашэвічу ўдалося стварыць гэтак званы клон вірусу Ласа. Перавага гэтай віруснай мадыфікацыі ў тым, што яна капіюе хваробу, але не выклікае яе ў арганізьме таго, каму зробленая прышчэпка. У выніку вакцынацыі адна прышчэпка на ўсё жыцьцё выпрацоўвае імунітэт супраць хваробы.

Вакцына, зробленая на аснове клону вірусу, дае навукоўцам магчымасьць распачаць клінічныя выпрабаваньні над чалавекам без усялякай рызыкі ягонага інфікаваньня. Папярэднія выпрабаваньні на прыматах ды іншых жывёлах прынесьлі пазытыўны вынік.

Падрабязныя вынікі дасьледаваньняў зьмешчаныя гэтымі днямі ў амэрыканскім навуковым часопісе Journal of Virology.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0